Шчучынская цэнтральная раённая бібліятэка імя Цёткі

 А. Пашкевіч (Цётка)

Шчучынская цэнтральная раённая бібліятэка носіць імя знакамітай беларускай паэткі А. Пашкевіч (Цёткі), якое было прысвоена ў гонар 100-годдзя з дня яе нараджэння Пастановай Саветаў Міністраў Беларускай ССР ад 9 ліпеня 1976 г. № 204.

 «Яе жыццё было няспынным гарэннем...» Так ахарактарызавалі сучаснікі Алаізу Пашкевіч, якая ў пачатку XX ст. выступіла як беларуская паэтка і стала вядомай пад псеўданімам Цетка. Невысокага росту, кволая, яна здзіўляла ўсіх невычэрпнай энергіяй, юначай няўрымслівасцю, палымянай, захопленасцю грамадскімі справамі, клопатамі аб народзе. Усё сваё нядоўгае жыццё цалкам аддала барацьбе за шчасце простага чалавека.

Алаіза Пашкевіч   нарадзілася 3 ліпеня 1876 года ў вёсцы Пешчына (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у шляхцецкай сям’і.

Пазнаваць жыццё дапамагала кніга. Яшчэ ў дзіцячыя гады Алаіза выявіла вялікую цікавасць да вучобы. Бацькі падтрымлівалі яе ў гэтым, стараліся даць дачцэ адукацыю. 

Вучылася Алаіза спачатку дома, у вёсцы Стары Двор, у хатніх настаўнікаў. Ў 1894 г. паступіла адразу ў чацвёрты клас Віленскай гімназіі. У перапынках паміж вучобай працавала настаўніцай у вёсцы. 

3 1902-га па 1904 г. жыла ў Пецярбургу. Там наведвала вышэйшыя агульнаадукацыйныя курсы Лесгафта. У 1904 г. скончыла іх і здала экзамены за поўны курс гімназіі.  Пасля двухгадовага знаходжання у сталіцы,атрымаўшы медыцынскую падрыхтоўку, вярнулася ў Вільню, працавала фельчарыцай у лячэбніцы. Тут у Вільні па-сапраўднаму  разгарнуўся  яе  талент  паэтэсы, рэвалюцыйнага дзеяча, яркага аратара і прапагандыста. Па складу характара А.Пашкевіч была натура баявая, поўная творчай энэргіі і няўрыслівай прагі да барацьбы: выступала перад Віленскімі рабочымі, ездзіла ў вёску, прымала ўдзел у з’ездзе жанчын у 1905 годзе ў Маскве.

Такая актыўная дзейнасць, накіраваная супраць рэжыму, вядома, не магла быць не заўважана царскімі ўладамі. Цётцы пагражалі рэпрэсіі. I яна вымушана была пакінуць радзіму і выехаць у Галіцыю — Заходнюю

Але і там Цётка ні на хвіліну не спыняе сваёй грамадскай дзейнасці. Летам 1906 г. у Жоўкве (недалёка ад Львова) выдае два зборнікі вершаў — «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду».  У гэтым жа, 1906 г. на кароткі час прыязджае ў Беларусь. Наведвае і Пецярбург, дзе выходзіць яе кніжка «Першае чытанне для дзетак-беларусаў». Потым — зноў эміграцыя. Каля пяці гадоў давялося жыць далёка ад радзімы. Гэта быў час, калі ў Расіі лютавала рэакцыя. Цётка востра перажывала разлуку з радзімай і паражэнне рэвалюцыі, але не апускала рук. Яна наведвае заняткі ў Львоўскім універсітэце, вывучае гісторыю культуры свайго народа, піша навуковыя і публіцыстычныя артыкулы, мастацкія творы. 

У гэты час зноў напамінае пра сябе цяжкая хвароба, якая вымушае Цётку выехаць у Закапанэ (недалёка ад Кракава) на лячэнне. 

У лютым 1911 г. Алаіза Пашкевіч выходзіць замуж за інжынера С. Кайрыса, дзеяча літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі. Вяртаецца на радзіму і жыве ў Мінску ці Вільні. I зноў, як раней, яна ў самай гушчы грамадскага жыцця. Цётка выступае за стварэнне беларускіх школ і чытальняў, піша творы для дзяцей, прымае актыўны ўдзел у выданні беларускага часопіса для моладзі «Лучынка». Яе кватэра ў Вільні становіцца месцам, дзе адбываюцца гарачыя дыскусіі і спрэчкі аб гістарычным лёсе беларускага народа, яго культуры, літаратуры. Удзельнікамі сустрэч былі беларускія пісьменнікі, у тым ліку і Янка Купала. Цётка была душой гэтых літаратурных вечароў. 

У 1914 г. абвастрылася хвароба лёгкіх. Каб палячыцца, а таксама пазнаць свет, пабачыць, як жывуць іншыя людзі, паэтка едзе ў Фінляндыю, наведвае Швецыю. У выніку з'явіліся дарожныя нататкі «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», поўны роздумаў пра жыццё свайго і іншых народаў. 

У час вайны, што пачалася ў 1914 г. і палала агнём на зямлі Беларусі, Цётка працавала міласэрнай сястрой. У студзені 1916 г. яна атрымала вестку аб смерці бацькі і выехала ў родную вёску Стары Двор, дзе ў той час пачалася зпідэмія тыфу. Гэта хвароба скасіла і яе. У ноч з 4 на 5 лютага гарачае сэрца паэткі перастала біцца. 

Такой была Цётка. Палымяная, захопленая мноствам самых розных неадкладных спраў, яна быццам знарок была народжана для таго бурлівага часу. Сваёй энергіай, мэтаімкнёнасцю яна заражала ўсіх, хто сутыкаўся з ёй. Гэтым грамадзянскім запалам характарызуецца ўся яе паэзія.

 

© schuchincbs

Бесплатный хостинг uCoz